«АРДЫНА́ЦЫЯ КАРАЛЕ́ЎСКІХ ПУ́ШЧАЎ У ЛЯСНІ́ЦТВАХ БЫЛО́ГА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА»,

«Ординация королевских пущ в лесничествах бывшего Великого княжества Литовского», вопіс каралеўскіх лясных масіваў ВКЛ 1636—40. Выдадзены Віленскай археагр. камісіяй паралельна на польскай і рус. мовах (Вільня, 1871). Ардынацыя (упарадкаванне) мела на мэце ўстанаўленне межаў каралеўскіх пушчаў, вызначэнне правоў шляхты і мясц. насельніцтва на карыстанне імі, арганізацыю кіравання лясной гаспадаркай і вызначэнне статуса асоб, якія выконвалі спец. абавязкі ў створаных лясніцтвах. Адзначаны населеныя пункты на тэр. лясніцтваў, пералічаны сяляне, іх павіннасці, колькасць зямлі ў гаспадарках; часам дакументы шляхты на права валодання і карыстання лясамі; апісаны азёры, рэчкі, лугі.

В.Ф.Голубеў.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)